Родная мова... Цудоўная мова…

21.02.2019
21 лютага ў краiне адзначаюць Дзень роднай мовы. Дзень, калi варта пацвердзiць вядомае: чытаць, пiсаць i думаць па-беларуску здольны кожны. Бо мова – тое, што нас аб’ядноўвае i робiць унiкальнымi. Гэта цэлы свет, люстэрка жыцця чалавека, народа. I ў гэтым свеце беларуская мова – мова нашай радзiмы, у якой ёсць рашучасць, цвёрдае слова «гонар», i мяккае, далiкатнае – «пяшчота», i добрае, заспакаяльнае – «спачуванне», i цёплае, ласкавае – «мама»...

У кожным куточку краiны, дзе б’ецца беларускае сэрца, жыве наша мова: у школьных падручнiках i творах лiтаратуры, казках i навуковых даследаваннях, нарэшце, у генах людзей, якiя праз дзесяцiгоддзi перададуць яе сваiм дзецям i ўнукам.

Менавіта ў гэты дзень у ДУА “Нясвіжская гімназія” прайшло мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел вучні 5-6 класаў гарадскіх школ. Яны прадэманстравалі сваё веданне беларускай мовы ў гульні-віктарыне “Родная мова… Цудоўная мова…” У час мерапрыемства прысутныя змаглі пачуць мілагучнасць нашай роднай мовы праз цудоўныя песні, вершы. На працягу гульні ўдзельнікі выконвалі цікавыя заданні, у якіх неабходна было праявіць кемлівасць, уважлівасць, а таксама паказаць добрае веданне роднай мовы.

Пачэснае званне “Лепшы знаўца роднай мовы” атрымала каманда Нясвіжскай гімназіі. Другое месца было прысужана камандзе сярэдняй школы № 1 г. Нясвіжа, трэцяе месца падзялілі паміж сабой каманды сярэдняй школы № 3 г. Нясвіжа і сярэдняй школы № 4 г. Нясвіжа.

У мерапрыемстве прыняла ўдзел Валянціна Шчарбакова, кіраўнік раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”. Рабятам яна расказала пра сваю творчасць, прачытала вершы пра дзяцей і для дзяцей.

Галоўнай мэтай правядзення мерапрыемства стала павелічэнне прэстыжу мовы як асновы шматвяковай культуры, узмацненне яе ролі і значэння ў духоўным жыцці грамадства, краіны.

поделиться в: